Юстыцыя
Шрифт:
— Навошта? — спытаў начальнік. — Хто паводзіцца так, як Колер, той уцякаць не збіраецца. Мы можам спакойна арыштаваць яго дома.
Емэрліна панесла ў гарачку.
— Хацелася б спадзявацца, што з Колерам вы будзеце абыходзіцца як з любым іншым злачынцам?
Начальнік маўчаў.
— Гэты чалавек — адзін з самых багатых і самых вядомых жыхароў нашага горада, — сказаў Емэрлін. — Наш святы абавязак (страх як любіў гэты выраз!) — дзейнічаць з гранічнай строгасцю. Нават ценю падазрэння ўзнікнуць не павінна, быццам мы яму патураем.
— Наш святы абавязак, — спакойна патлумачыў начальнік, — абысціся без непатрэбных выдаткаў.
— Значыцца, агульнай трывогі не будзе?
— Значыцца, не будзе.
Пракурор утаропіўся на хлебарэзку, каля якое стаяў.
— Вы сябруеце з Колерам, — сказаў нарэшце, нават не злосна, а холадна, як бы па службовым абавязку. — Вам не здаецца, што такая акалічнасць можа паўплываць на вашу аб'ектыўнасць?
Маўчанне.
— Справу Колера будзе весці лейтэнант Хэрэн, — спакойна сказаў начальнік.
Так пачаўся скандал.
Хэрэн быў чалавек дзеяння, з гонарам, а таму ад самага пачатку паказаў неўтаймоўную руплівасць. Яму ўдалося ўсяго за некалькі хвілін не толькі падняць на ногі ўсю паліцыю, але і заалярмаваць насельніцтва, бо ён прапхнуў на радыё перад праграмай навінаў у сем трыццаць экстрэнае паведамленне кантанальнай паліцыі. Вэрхал усчаўся страшэнны. Віла Колера аказалася пустою (Колер быў удавец, яго дачка, сцюардэса кампаніі «Свісэйр», была якраз у палёце, кухарка — у кіно). У наяўнасці — спроба знікнуць. Патрульныя машыны прачэсвалі горад, памежнікі былі папярэджаны. Інтэрпол даведзены да ведама. З пункту гледжання тэхнічнага гэта заслугоўвала высокай пахвалы, упускалася толькі магчымасць, якую прадбачыў начальнік паліцыі: вышуквалі чалавека, які і не думаў хавацца. Няшчасце ўжо адбылося, калі на пачатку дзевятай з аэрапорта прыйшло паведамленне, што Колер правёў да самалёта аднаго ангельскага міністра, потым спакойненька сеў у свой «ролс-ройс» і загадаў везці сябе назад у горад. Найбольш спудлаваў у гэтай справе федэральны пракурор. Супакоены бездакорным функцыянаваннем магутнага дзяржаўнага механізму, яшчэ смакуючы сваю перамогу над праклятым начальнікам, ён якраз падрыхтаваўся слухаць уверцюру Моцарта да «Выкрадання з сэраля» і, загадзя смакуючы асалоду, ужо, пагладжваючы акуратную сівую бародку, адкінуўся ў крэсле, а Мондшайн якраз падняў дырыжорскую палачку, калі па праходзе вялікай канцэртнай залы разам з адной з найбагацейшых і наіўнейшых удоваў нашага горада, міма запоўненых слухачамі радоў праследаваў да першых радоў, вышукваны паліцыяй з ужываннем найноўшых тэхнічных сродкаў пераследу, цкаваны доктар h.c., спакойны і самаўпэўнены, як звычайна, з нявінным тварам, быццам нідзе нікому нічога ніякага, доктар h.c. заняў месца побач з Емэрлінам і нават патрос аслупянеламу пракурору руку. Ажыўленне, пярэшапт і — о, норавы! — хехекання цяжка было не змеціць, уверцюра яўна не ўдалася, бо аркестранты выдатна бачылі ўсё, што адбывалася, адзін габаіст нават крыху падвёўся з цікаўнасці, Мондшайну давялося пачынаць двойчы, а пракурор аж настолькі сумеўся, што слупам праседзеў не толькі ўверцюру, але і цалюткі Другі фарітэпіянны канцэрт Ёганэса Брамса. Праўда, ён здолеў ацаніць сітуацыю пад той момант, як сваю партыю пачаў піяніст, але перапыняць Брамса не рызыкнуў, надта ж бо вялікі быў ягоны піетэт перад культурай, ён пакутаваў ад усведамлення, што след было б умяшацца, але цяпер ужо было запозна, даводзілася чакаць антракту. Затое ў антракце ён пачаў дзейнічаць, праціснуўся праз натоўп, які з цікаўнасцю абступіў кантанальнага радцу, стрымгалоў паляцеў да аўтаматаў, мусіў аднак вярнуцца і папрасіць у гардэрэбшчыцы дробязі, патэлефанаваў у паліцэйскую ўправу, звязаўся з Хэрэнам і арганізаваў збор усіх паліцэйскіх часцей. Тым часам Колер строіў святую нявіннасць, ён выправіўся ў бар, дзе пачаставаў удаву шампанскім, гэтаму мярзотніку да таго ж яшчэ і куды к чорту як шанцавала, што нават другое аддзяленне канцэрта пачалося за некалькі хвілін да прыбыцця паліцыі. І давялося Емэрліну разам з Хэрэнам церціся пад зачыненымі дзвярмі, пакуль у зале давалі бясконцую Сёмую Брукнера. Пракурор узбуджана кідаўся туды-сюды, аж капэльдынэрам некалькі разоў прыйшлося заклікаць яго да парадку. І наогул з ім абыходзіліся як з дзікуном якім, без пачцівасці і рышпекту. Ён праклінаў усю рамантыку, праклінаў таго іхняга Брукнера, за дзявярыма ўсё яшчэ нудзілі першую частку — адыжыо, і калі нарэшце пасля чацвёртай грымнулі воплескі (дарэчы, таксама бясконца-бясконцыя), а публіка паміж шпалераў паліцэйскіх пачала пакідаць залу, доктар h.c. Ісак Колер адтуль наогул не выйшаў. Ён знік. Начальнік паліцыі правёў яго праз службовы выхад да сваёй машыны і завёз у паліцэйскую ўправу.
Магчымы варыянт другой гутаркі: ва ўправе начальнік правёў д-ра h.c. у свой кабінет. Дарогай яны не абмяняліся ні словам, цяпер начальнік ішоў першы па пустым, слаба асветленым калідоры. У кабінеце ён моўчкі кіўнуў на глыбокі скураны фатэль. Зачыніў дзверы на зашчапку і скінуў пінжак.
— Размяшчайся зручней.
— Дзякую, я ўжо размясціўся, — адказаў Колер, які тым часам ужо сеў.
Начальнік выставіў два келіхі на стол, які раздзяляў абодва крэслы, і дастаў з шафы бутэльку чырвонага віна.
— Шамбэртэн Вінтэра, — патлумачыў ён, наліў віна ў келіхі, таксама сеў, нейкі час глядзеў перад сабою, потым раптам пачаў старанна выціраць пот з лоба і шыі.
— Дарагі Ісак, — нарэшце загаварыў ён, — скажы мне, дзеля Бога, навошта ты ўкакошыў гэтага старога асла?
— Ты маеш на ўвазе… — неяк няўпэўнена пачаў кантанальны радца.
— Ты ўвогуле мікіціш, чаго начворыў? — перабіў яго начальнік.
Радца не без прыемнасці сербануў з келіха, але адказваць адразу не пачаў, а замест таго з нейкім здзіўленнем, хоць і не без лёгкага кепу зірнуў на субяседніка.
— Само сабою, — адказаў нарэшце, — само сабою, мікічу.
— Дык навошта ж ты прыстрэліў Вінтэра?
— Ах, вось ты пра што, — пацягнуў кантанальны радца і нібы нават задумаўся, пасля смеючыся: — Ах, вось ты пра што, няблага, няблага.
— А што ж няблага?
— Ды ўсё.
Начальнік не ведаў, як рэагаваць на гэта, ён быў збіты спаналыку і раззлаваны. А забойца наадварот — ажывіўся, развесяліўся, некалькі разоў ціха хехекнуў, яго яўна нешта распацешыла.
— Ну, годзе. Чаму ты забіў прафесара? — зноў упарта і настойліва падступіўся да яго начальнік, а сам ацёр пот з лоба і шыі.
— А так сабе, без прычыны, — прызнаўся кантанальны радца.
Цяпер начальнік з вялікім здзіўленнем вырачыўся на яго, падумаўшы нават, што недачуў, потым дапіў свой келіх, наліў яшчэ, але распляскаў віно.
— Без ніякай?
— Без ніякуткай.
— Але ж гэта лухта, ужо ж бо такі нейкая прычына ў цябе мелася быць, — нецярпліва ўскрыкнуў начальнік. — Гэта лухта.
— Прашу цябе, рабі тое, што табе прадпісвае твой абавязак, — сказаў Колер і дапіў віно.
— Мой абавязак патрабуе арыштаваць цябе.
— Дык так і рабі.
Начальнік быў у роспачы. Як цвярозы і разважлівы чалавек, ён любіў яснасць ва ўсіх справах. Забойства для яго было свайго роду няшчасным выпадкам, які не падпадае пад маральны суд. Але, як чалавеку парадку, яму патрабавалася відавочная прычына. Забойства без прычыны, з пункту гледжання начальніка, пляжыла не законы маральнасці, а законы логікі. А так не бывае.
— Найлепш было б замкнуць цябе ў вар'яцкі шпіталь на абследаванне, — раз'юшана выпаліў ён, — не бывае, каб без жоднай прычыны чалавек чалавека забіваў.
— Я абсалютна нармальны, — спакойна парыраваў Колер.
— Можа, патэлефанаваць Штусі-Лойпіну? — прапанаваў начальнік.
— Навошта?
— Чалавеча, табе ж патрэбен абаронца. Самы лепшы. А Штусі-Лойпін сама такі.
— Мяне задаволіць і назначаны.
Начальнік здаўся. Ён расшпіліў каўнер і глыбока ўздыхнуў.
— Ты, мабыць, звіхнуўся, — прахрыпеў ён. — Дай сюды рэвальвер.
— Які такі рэвальвер.
— З якога ты застрэліў прафесара.
— От чаго няма, таго няма, — сказаў доктар h.c. і падняўся з месца.
– Ісак, — заблагаў начальнік, — спадзяюся, ты вызваліш нас ад неабходнасці абшукваць цябе.
Ён хацеў зноў падліць сабе віна, але ў бутэльцы ўжо нічога не засталося.
— Гэта пракляты Вінтэр лішняга выпіў, - буркнуў начальнік.
— Загадай нарэшце вывесці мяне, — прапанаваў забойца.
— Будзь па-твойму, — адказаў начальнік, — але тады і мы цябе ні ад чога не выбавім.
Ён таксама ўстаў, зняў з дзвярэй зашчапку і пазваніў.
— Выведзіце гэтага чалавека, — загадаў ён. — Ён арыштаваны.