Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Ланцуг

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

І праўда — такое хараство было разліта вакол, што не дапускала яно думкі пра смерць; ды не бывае яе! не можа яе быць у гэтай зорнай бясконцасці, сярод вечнай гармоніі, дзе ўсяму сваё месца, дзе ніводная касмічная пылінка не з’яўляецца і не знікае сама па сабе, без чыёйсьці на тое волі!..

А зоркі ўсё пераміргваліся, усё тоненька звінелі, нібы на самой справе гэта былі незлічоныя душы даўно ад нас адляцелых, якія цяпер там, уверсе, працягваюць жыць, перамаўляюцца паміж сабою на сваёй мове, пазіраюць на нас і спачуваюць нам.

ІX

Пятра пахавалі зімой, а ўлетку да Валі пасватаўся ўдавец з суседняй вёскі, таксама, як і нябожчык Пятро, за яе маладзейшы. Нармальны чалавек. Не піў, не курыў. Меў бензапілу і сына гадамі такога, як Любка. Валя пайшла за яго. Ён прадаў сваю хату, перабраўся да яе, і яны пачалі жыць, як так і трэба.

Чаму такіх мужчын наносіць на такіх, як Валя, што яны ў іх знаходзяць — вялікая, вечная загадка, і разгадкі ёй пакуль няма ў гэтым свеце. Справа густу? Каму падабаецца поп, а каму пападдзя? А можа, яшчэ прасцей, і тут звычайны цвярозы разлік: вазьму такую ведзьму — удзячная будзе, больш любіць будзе, здраджваць не будзе, а я, наадварот, пад усю гэтую валынку разгарнуся, пад шумок пачну рабіць, што хачу… А дудкі. Ніколі так не атрымаецца. І хіба пад старасць, калі ўжо, уласна кажучы, позна, спахопіцца такі мудрэц — дык што ж гэта атрымалася? — не я яе, а яна мяне пад сябе падмяла, не я на ёй, а яна на на мне ўсё жыццё праездзіла…

У канцы лагоднага ціхага жніўня, калі ляталі сярэбраныя ніці з чорнымі павучкамі на іх, каліна гнулася ад цяжкіх гронак, а пад вокнамі ўздоўж сцяны кіпелі ў самай квецені геаргіны, вяргіні, мальвы, і выкідвалі свае высокія стрэлкі «школьныя» кветкі гладыёлусы, — увечары Махновачка збірала сына ў першы клас. Васілёк быў рады, ён ужо ўмеў чытаць, пісаць і ведаў табліцу множання. Махновачка нават нагледзела і падвязала нітачкамі лепшыя кветкі, каб зрэзаць іх заўтра свежымі ў букет. На канапе ляжалі касцюмчык, кашулька, стаялі сандалі, усё новенькае. Кулініч спецыяльна вазіў сына ў горад на прымерку. На стале — падручнікі, і сшытачкі, і ранец. Махновачка сабралася сына мыць. Выпаліла ў печы, наставіла чыгуноў, балею, начоўкі… Думкі раіліся, скакалі весела і бязладна. Яна ўяўляла, як яны будуць з бацькам правяраць дзённік яго, памагаць яму рабіць урокі; а то як ён вырасце і ажэніцца, а яны з мужам будуць любавацца на іх, маладых, і толькі шкада, што нельга ў царкве, бо самі яны з Кулінічам распісаліся ў сельсавеце — так сабе, не вельмі каб было ўрачыста…

Яна наставіла чыгуноў, сын быў ужо голенькі, неяк адступіўся і сеў у кіпецень. Пасля Махновачка расказала, што ён не паспеў нават ускрыкнуць, але яна сама тады зараўла так нема, што ніводзін гук проста не быў бы пачуты. У сына задок, і ўсё, што можна, было зварана ўкрутую, да сіняй чарнаты. Ён сканаў, не даехаўшы да бальніцы. Кулініч сам зрабіў маленькую труну, вычасаў невысокі дубовы крыж. Пастаяў з сякераю ў руцэ, паблукаў позіркам па двары. Потым пайшоў і пад корань пачаў секчы каліну. Падалі на плот, разбіваліся, лопаліся чырвоныя буйныя ягады. Куст супраціўляўся смерці. Сякера саспружыніла на нечакана цвёрдым ствале, рука дрыгнула, і ўдар прыйшоўся па назе. Кулініч аберуч заціснуў рану і прамовіў:

— Баліц!..

Вось так яно спрацавала, гэтае подлае, бязлітаснае, жорсткае да агіды правіла — а не забывайся, хто ты ў гэтым свеце, не любі моцна, не прывязвайся да каго б ні было, не прывыкай, будзь заўсёды напагатове, каб не заспела знянацку, умей абараняцца, трымай пра запас усе варыянты — аж да самага горшага… А забудзеш, расслабішся, захочаш пазіраць на гэты свет шырока раскрытымі васільковымі вачыма — дык мы напомнім!..

Пераносілі гора Кулінічы мужна. Прынамсі, знешне. Толькі некаторыя новыя рысы ў іх паводзінах, характарах, звычках з’явіліся, і гэтае новае дзівіла.

Напрыклад, Махновачцы ўвесь час трэба было, каб ў яе былі занятыя рукі. Даходзіла да таго, што — усё адно не спала — палола ўночы агарод, у цемры навобмацак аддзяляючы бульбоўнік ад зелля.

— Чаго ты зноў ноччу на градах? — злаваліся на яе.

— То я коціка шукала… Коцік у разору забег, мяўкае, — хлусіла яна, апраўдваючыся.

— Грэх так моцна перажываць! Яшчэ бяду на вёску наклічаш!..

Смерць сына выявіла не горшыя якасці Кулінічаў, а лепшыя. Іх пачало цягнуць да людзей, гэтым яны думалі выратавацца. Махновачка куды б ні ішла, як убачыць каго на агародзе ці ў двары — бяжыць, спатыкаецца:

— Хоць трохі што памагу…

— Ідзі! — гналі яе. — Не трэба тваёй работы!

У Валі каля варот рос малады дуб. Прымак, каб паказаць сваю гаспадарскасць, пачаў з таго, што бензапілой яго зваліў, каб зрабіць новае шула. Абчасаў. Шнур нацёр вугалем, цвічком прыбіў, нацягнуў на струну, прыпадняў — шпок! — адбілася роўная чорная адмеціна, па якой можна дзяўбаць пазы. Кулініч здалёк угледзеў, ідзе, спяшаецца, нагой заграбае — усё ж такі пашкодзіў сякерай. У руцэ пешня, цягнецца па зямлі, як шчупакоў хвост.

— Куды ты йдзеш, куды? — сярдзіта крычыць прымак. — Чаго ты йдзеш, чаго?

— Памагац!

Яшчэ Махновачка палюбіла хадзіць у госці. Кожны вечар брала гасцінец і ішла да каго-небудзь. Дык бачылі праз акно, што яна ідзе, і ўцякалі, або зачыняліся, затойваліся, нібыта няма дома. Пайшла чутка, што яна ходзіць красці. І неяк так атрымалася, што пачалі зваць яе ўжо не Махновачка, а Махноўка, і разам з гэтым ласкавым суфіксам сапраўды як бы выпала, знікла абаяльнасць, а засталося толькі нешта ад нелюдзімага, непрыкаянага бацькі Махно.

Махноўка зразумела, што яе проста цураюцца, не хочуць, не любяць, калі прыйшла неяк да Валі, прынесла жоўтых гарбузовых семак дзеўкам.

— Знаеш што, — сказала Валя, — Пятра больш няма, не хадзіце сюды. Ні ты, ні Кулініч. Я цябе слухаць не хачу. А за тую ласяціну аддам як-небудзь… У мяне чалавек памер, дык мяне ніхто не шкадаваў, майго гора ніхто не бачыў, а ў цябе ўжо такое гора, што толькі на руках насіць.

Аднойчы раніцай Махноўка сабралася і пайшла пехам за дзесяць кіламетраў у горад у царкву. Што там было, што яна ў каго прасіла, невядома, але вярнулася яна і праўда змененая, як бы аддаленая ад людзей.

Да яе душы цяпер дабрацца стала немачыма. Ёй скажаш, дождж ідзе, яна ў адказ:

— Хай ідзе! — а вочы застылыя, нерухомыя.

— Селядцы ў магазін прывезлі…

— Хай вязуць.

— Сюзана Грышава дзевачку нарадзіла…

— Хай нараджае.

«Ды што ж гэта за мукі такія… Ты ж яшчэ не старая, схадзі ў паліклініцу, праверся, цяпер жа і ў пяцьдзясят нараджаюць, не тое што ў сорак…»

— Хай нараджаюць.

«Ці калі ўжо так несцярпіма, дык усынавіце! Схадзі ў органы апёкі», — раілі ёй.

Поделиться:
Популярные книги

Локки 11. Потомок бога

Решетов Евгений Валерьевич
11. Локки
Фантастика:
героическая фантастика
боевая фантастика
фэнтези
юмористическое фэнтези
5.00
рейтинг книги
Локки 11. Потомок бога

Кадет Морозов

Шелег Дмитрий Витальевич
4. Живой лёд
Фантастика:
боевая фантастика
5.72
рейтинг книги
Кадет Морозов

Неудержимый. Книга XVIII

Боярский Андрей
18. Неудержимый
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга XVIII

Последний Паладин. Том 2

Саваровский Роман
2. Путь Паладина
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Последний Паладин. Том 2

Убивать чтобы жить 3

Бор Жорж
3. УЧЖ
Фантастика:
героическая фантастика
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Убивать чтобы жить 3

Дважды одаренный. Том II

Тарс Элиан
2. Дважды одаренный
Фантастика:
городское фэнтези
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Дважды одаренный. Том II

Третий Генерал: Тома I-II

Зот Бакалавр
1. Третий Генерал
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
сказочная фантастика
5.00
рейтинг книги
Третий Генерал: Тома I-II

Снайпер

Поселягин Владимир Геннадьевич
3. Жнец
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
5.60
рейтинг книги
Снайпер

Ненужная жена. Хозяйка брошенного сада

Князева Алиса
1. нужные хозяйки
Фантастика:
попаданцы
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Ненужная жена. Хозяйка брошенного сада

Княжья Русь

Мазин Александр Владимирович
6. Варяг
Приключения:
исторические приключения
9.04
рейтинг книги
Княжья Русь

Воронцов. Перезагрузка

Тарасов Ник
1. Воронцов. Перезагрузка
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Воронцов. Перезагрузка

Император Пограничья 1

Астахов Евгений Евгеньевич
1. Император Пограничья
Фантастика:
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Император Пограничья 1

Третий. Том 5

INDIGO
5. Отпуск
Фантастика:
космическая фантастика
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Третий. Том 5

Шатун. Лесной гамбит

Трофимов Ерофей
2. Шатун
Фантастика:
боевая фантастика
7.43
рейтинг книги
Шатун. Лесной гамбит